Radavod Wiki
Advertisement
Бацяноўскія
Краіна паходжаньня 30px Беларусь
Краіна пражыцьця 30px Беларусь

30px Расея

Статус да 1917 году баяры, зямяне, стральцы, вольныя, чыншавая шляхта, мяшчане, дзяржаўныя сяляне
Веравызнаньне грэка-каталіцтва (да 1839),

праваслаўе (пасля 1839)

Першы з роду баярын Аўхім Бацяноўскі

(канец XVII стагоддзя – 1766)

Параднёныя роды У XVIII стагоддзі

Бацяноўскія парадніліся з прадстаўнікамі наступных родаў:

Шляхта: Заблоцкія, Скуратовічы, Гарэцкія;

Хлебаробы: Казлоўскія, Карповічы, Касьпяровічы, Мурашкевічы (Мурашкі), Свянціцкія, Сабалеўскія, Яскевічы, Дзядовічы, Батуры, Ліхтаровічы, Няхайчыкі, Кішчанкі, Кузякі, Кішкі, Ануфрэвічы, Абмёткі, Росы;

Саслоўе невядома (магчыма, шляхта або мяшчане): Берскія, Міхалевічы, Акулічы, Радзіеўскія, Рачкевічы.

У наступны перыяд (XIX – пачатак XX стагоддзя) Бацяноўскі парадніліся з прадстаўнікамі наступных родаў:

Шляхта: Валаховічы, Данейкі;

Дваранкі: Загорскія, Рыдлеўскія;

Мяшчанкі: Яблонскія, Яцкевічы (Яскевічы), Лашкевічы, Фрейман;

Сяляне: Касцяневічы, Няхайчыкі, Герасімовічы, Супрановічы, Кішкі, Мурашкі, Бялевічы, Купрэйчыкі, Яскевічы, Ядзіновічы, Высоцкія, Вярцінскія, Ракіцкія, Свянціцкія, Навіцкія, Крукоўскія, Казлоўскія, Маслоўскія, Паўлоўскія, Стаброўскія, Крупскія, Качаны, Міхалевічы, Арцішэўскія, Петрашэўскія, Пазнякі, Бацяноўскія, Бруханскія, Баяцевічы, Мархелі, Букацічы, Росы, Шараметы, Абмётки, Падбярозкі, Шымановічы, Адамовічы, Стэльмахі, Дзядовічы.

У XX-м – пачатку XXI стагоддзях Бацяноўскія парадніліся з прадстаўнікамі наступных родаў: Касцяневічы, Няхайчыкі, Журомскія, Макрыцкія, Грудзінскія, Дзядковы, Сташэўскія...

mini|350px|right|thumb|Нестар Бацяноўскі

Бацяноўскія – беларускі род служылых людзей, баяр і зямян. Першае ўпамінанне аб іх пражыванні ў мітрапаліцкім маёнтку Прылепы Менскага павета Менскага ваяводства (цяпер – вёска Прылепы Прылепскага сельсавета Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці Рэспублікі Беларусь) датуецца 1748 годам.

Варыянты напісання прозвішча[]

Па-расейску: Ботяновские, Батяновские, Боцяновские.

Па-беларускі: Бацяноўскія.

Па-польску: Bocianowski.

Гісторыя роду[]

Прозвішча Бацяноўскі паходзіць ад слова «бацян», якое ў некаторых рэгіёнах Беларусі з’яўляецца распаўсюджанай назвай бусла. Слова «бацян» сугучна польскаму “боцен”, што таксама азначае «бусел». Нядзіўна, што прозвішча «Бацяноўскі» сустракаецца і ў Польшчы.

Першы вядомы прадстаўнік роду – баярын Аўхім Бацяноўскі. Паводле інвентара маёнтка Прылепы за 1748 год ён пражываў у вёсцы Аношкі, адкуль пераехаў ў Рудню. Акрамя баярына Аўхіма ў Аношках пражывалі Фёдар і Ярмак Бацяноўскія (Ярмак запісаны як вольны чалавек). У суседняй вёсцы Калодзежы таксама пражывалі Грыцько Бацяноўскі і Аляксандр Бацян (апошні быў кавалём).

Варта заўважыць, што каля Рудні ў XIX стагоддзі знаходзілася ўрочышча Бацянаўка, якое перастала існаваць пасля Вялікай Айчыннай Вайны. Назва ўрочышча сугучна прозвішчу «Бацяноўскі». Ёсць думка, што некалі яно магло належыць Бацяноўскім, але ці было такое ўрочышча ў XVIII стагоддзі, дакладна невядома.

З інвентара мітрапаліцкага маёнтка Прылепы за 1748 год, а таксама з метрычных кніг Прылепскай уніяцкай царквы вядома, што ў XVIII стагоддзі Бацяноўскія пражывалі ў такіх вёсках як Рудня, Усяжа, Аношкі, Малыя Калодзезі, Вялікія Калодзезі, Ляды, Смалявічы (вёска), Раўбічы, Глодаўка, Цна, Манчакі, Правы Лог.

Большая частка гэтых паселішчаў належала уніяцкай мітраполіі, у прыватнасці, уваходзіла ў склад царкоўнага маёнтка Прылепы. З рэвізскіх сказак і метрык нам становіцца вядома, што ў наступным, XIX стагоддзі многія Бацяноўскія засталіся пражываць у тых жа самых вёсках, але некаторыя прадстаўнікі роду пачалі актыўнае перасяленне ў бліжэйшыя вёскі, сёлы і засценкі.

Так, у XIX стагоддзі Бацяноўскія ўжо жылі ў наступных месцах: Казённая Рудня (Рудня Прылепская), Казённая Усяжа, Аношкі, Тадуліна (Калодзезі), Ляды, Смалявічы (вёска), Раўбічы, Глодаўка, Цна, Манчакі, Правы Лог, Усяжка, Багута, Задомля, Сутокі, Кавалеўшчына, Шпакоўшчына, Верхняя Бярозавіца, Емельянава, Дамашаны, Владзінава, Трубічын; да гэтых вёсках варта таксама дадаць сяло Прылепы, урочышча Курганы, а таксама засценкі Батурынка, Рудамейка, Рутовіна і Дубовікі.

У пачатку XX-га стагоддзя акрамя гэтых паселішчаў Бацяноўскія сустракаюцца таксама ў наступных вёсках: Загор'е, Залужжа, Пагарэльцы, Ізбіцкае, Уборкі...

На момант рэвізіі 1795 года ў вёсцы Рудня было 15 двароў (пяць з іх засялялі гаспадары з прозвішчам «Бацяноўскія»). На падставе дадзенага дакумента можна вылучыць тры галіны роду Бацяноўскіх, прадстаўнікі якіх пражывалі ў Рудні:

Першая: ад Самуіла, сына Аўхіма;

Другая: ад Стэфана (верагодна, таксама сына Аўхіма);

Трэцяя: ад Нікадзіма, сына Базыля (Базыль, верагодна, з’яўляўся братам Аўхіма).

У рэвізскай сказцы 1795 года ўсе Бацяноўскія, якія пражывалі на тэрыторыі царкоўнага маёнтка Прылепы, былі запісаныя сялянамі, пры гэтым у дакуменце зафіксавана, што Бацяноўскія, якія родам з Рудні, трымалі парабкаў.

Захаваўся дакумент, які датычыцца Нікадзіма Бацяноўскага і яго сроднікаў. Гэта «Лібертацыя, выдадзеная 7 жніўня 1769 года Феліцыянам Піліпам Валадковічам, мітрапалітам кіеўскім, Нікадзіму Бацяноўскаму, зямяніну царкоўнага ўладання Прылепы, аб вызваленні апошняга разам з сям’ёй ад чыншу і ўсялякіх павіннасцей, а таксама аб дазволе весці гандаль у Прылепах пянькой, прывезенай з-за межаў воласці».

Дзякуючы гэтаму дакументу нам становяцца вядомы зямянскае званне Нікадзіма і яго новыя правы.

У інвентары сяла Смалявічы за 1781 год, уладаром якога быў князь Радзівіл, мы сустракаем імёны падданых вёскі, вольных ад паншчыны: гэта Міхась Бацян, стралец, з сынамі Кандратам і Паўлюком, і брат Міхася – Ясь Бацян, вольны чалавек. Варта заўважыць, што і Міхась, і Ясь сустракаюцца ў метрыках Прылепскай царквы (1787, 1797 гады), але ўжо не як Бацяны, а Бацяноўскія.

У 1816 годзе прадстаўнікі трох ліній роду (Базыль Нікадзімаў, Ян Стефанаў і Аляксандр Самуйлаў Бацяноўскія) адшуквалі дваранства, аб чым ёсць запіс у рэвізскай сказцы.  

Сярод дакументаў Казённай палаты сустракаецца «Аб'ява, пададзеная ў Мінскае Губернскае Праўленне ад Мінскага павета шляхціца Базыля Бацяноўскага», якая датуецца 1822 годам. Разам з Аб'явай захаваўся і Дваранскі Спіс таго ж 1822 года, дзе прадстаўлены сем'і Бацяноўскіх, якія пражывалі ў Рудне Прылепскай і былі запісаныя як чыншавая шляхта.

З рэвізскай сказцы 1833 года нам становіцца вядома, што Указам Казённай палаты ў 1823 годзе Бацяноўскія былі прылічаныя да дзяржаўных сялян. У метрыках і далейшых рэвізскіх сказках (1850, 1858-х гадоў) яны так і пісаліся: дзяржаўнымі (казённымі) сялянамі.

Але ў XIX стагоддзі сярод «мінскіх» Бацяноўскіх можна знайсці не толькі дзяржаўных сялян. Так, у метрычных кнігах Смалявіцкай Мікалаеўскай царквы (Барысаўскі павет, 1885-1892, 1894-1897 гады) сустракаецца «барысаўскі мешчанін вёскі Шпакоўшчына» Ісідар Іліеў Бацяноўскі (пасля «барысаўскі мешчанін засценка Дубовікі»). І Шпакоўшчына, і Дубовікі знаходзіліся параўнальна недалёка ад паселішча Рудні, але дакладна невядома, ці меў якое-небудзь дачыненне «барысаўскі мешчанін» да «прылепскіх» Бацяноўскіх.

Наконт веравызнання Бацяноўскіх з Рудні трэба адзначыць, што яны былі прыхаджанамі Прылепскай уніяцкай царквы, якая з 1839 года стала праваслаўнай.

Нашчадкі Аўхіма жылі ня толькі ў вёсцы Рудня: з пачатка ХІХ стагоддзя многія з іх пераехалі ў суседнія вёскі – Усяжу, Рудамейку, Багуты, – дзе аселі і пакінулі нашчадкаў.

Невядома, ці былі Бацяноўскія адгалінаваннем шляхецкага роду Бацяноўскіх герба «Любіч», прадстаўнікі якога пражывалі ў Ашмянскім павеце і былі прызнаны ў дваранстве рашэннем Мінскага ДДС, але ўказам Сената не зацверджаны. Таксама невядома, ці ёсць сваяцкая сувязь паміж Бацяноўскімі з Мінскага павета з Бацяноўскімі, якія пражывалі на тэрыторыі сучасных Гродзенскай і Брэсцкай абласцей.

Бацяноўскія з маёнтка Прылепы неаднаразова бралі шлюбы з прадстаўнікамі шляхецкага стану.

Так, 9 студзеня 1785 года Тэадора Бацяноўская з Рудні стала жонкай шляхціца Пятра Гарэцкага з Каралёвага Стану, а 29 кастрычніка 1794 года шляхціц Мануэль Скуратовіч з Дамашан  узяў у жонкі Кацярыну Бацяноўскую з Рудні (шлюбы адбыліся ў Прылепскай уніяцкай царкве).

Прозвішча Бацяноўскія неаднаразова сустракаецца ў дакументах, якія датычацца шляхты Мінскага ваяводства.

З рэвізскай сказцы 1795 года вядома, што жонкай чыншавага шляхціца Стэфана Заблоцкага, які жыў у маёнтку Бяларучы, была Мар’яна Бацяноўская. У ХІХ стагоддзі жонкай шляхціца Яна Валаховіча, які арандаваў зямлю ў ваколіцы Емяльянава Барысаўскага павета (1833 – 1837), была Тэкля Бацяноўская.

У «Гербоўніку беларускай шляхты» (літара «Д») згадваецца Марыяна Бацяноўская, жонка шляхціца Лявона Данейкі (герба «Сас»), які ў розныя гады пражываў у засценках Студзёнка, Грады, Дубовікі Барысаўскага павета і рабіў шляхецкі вывад ў 1843 годзе.

У ХІХ стагоддзі сустракаюцца выпадкі, калі “прылепскія” Бацяноўскія ажаніліся на дваранках. Гэта шлюб у 1865 годзе казённага селяніна Франца Бацяноўскага з дваранкай Кацярынай Рыдлеўскай, а таксама шлюб ў 1869 годзе Язэпа Бацяноўскага з дваранкай Міхалінай Загорскай (абодва шлюба – ў Прылепскай царкве).

Бацяноўскія ажаніліся таксама і на мяшчанках, чыі прозвішчы былі наступныя: Яблонская, Яцкевіч, Лашкевіч, Фрэйман.

Трэба сказаць, што з чатырох мяшчанак толькі адна (Фрэйман) жыла ў горадзе, астатнія ж былі жыхаркамі вёсак і засценкаў. Хутчэй за ўсё, гэтымі «мяшчанкамі» з'яўляліся нашчадкі шляхты, бо існавала практыка запісу ня зацверджанай шляхты ў падатнае саслоўе, у прыватнасці, у мяшчане.

Трэба дадаць, што сярод сведкаў на вяселлях у Бацяноўскіх часам сустракаліся дваране. Гэта дваранін з вёскі Каралёў Стан Іван Мацвеяў Баброўскі (падчас шлюбу Франца Бацяноўскага на мяшчанцы Ангеле Яблонскай, які адбыўся 22 жніўня 1866 года ў Прылепскай царкве). І гэта дваранін Верхняй Бярозавіцы Канстанцін Восіпаў Валіцкі (падчас шлюбу Стэфана Бацяноўскага на мяшчанцы Феафіле Яцкевіч, які адбыўся 22 траўня 1906 года ў Смалявіцкай Мікалаеўскай царкве).

Сярод Бацяноўскіх, што пражывалі ў Менскім павеце, у ХІХ стагоддзі сустракаюцца два унтэр-афіцэра. Гэта Франц Іванавіч Бацяноўскі (1827–1897), які служыў у грэнадзёрскім палку малодшым палкавым пісарам; у дакументах быў таксама запісаны як унтэр-афіцэр і адстаўны фельдфебель; жыў у вёсках Рудня, Багуты, затым - ва ўрочышчы Курганы. І гэта Аляксей Ігнацьевіч Бацяноўскі (1849 –?), капральны унтэр-афіцэр.

Унтэр-афіцэры Бацяноўскія сустракаюцца і ў гады Першай сусветнай вайны (1914-1918): гэта старэйшы унтэр-афіцэр Бацяноўскі Якаў Ігнатавіч, які служыў у 119-й пяхотным Каломенскім палку, і старэйшы унтэр-афіцэр Сяргей Пятровіч Бацяноўскі.

Кажучы пра ХХ стагоддзе, хацелася б вылучыць двух прадстаўнікоў роду Бацяноўскіх: гэта Сямён Ігнацьевіч Бацяноўскі (1877–?), які некаторы час з’яўляўся царкоўным старастай Прылепскай царквы, за што быў рэпрэсаваны ў 1930-я гады. А таксама Дарафей Кіпрыянавіч Бацяноўскі, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны з’яўляўся камандзірам партызанскага атрада «Баец» у Вілейскай вобласці. 

Advertisement